22 ноября 2025

Я. Колас. "Вясна" [1906-1907]

 



Йдзе вясна ўжо, дзякуй Богу!

Згінуў снег з сырой зямлі;

Папсавала гразь дарогу,

Перавалы загулі.

 

Сонца грэе, прыпякае;

Лёд на рэчцы затрашчаў.

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлівых нам прыгнаў.

 

Вось і бусел паказаўся,

Гусі дзікія крычаць,

Шпак на дубе расспяваўся,

Жураўлі ужо ляцяць.

 

I зіма, як дым, прапала!

Зелянее луг, ралля.

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля.


Крыніца: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1. Вершы (1898-1910) / Я. Колас. - Мінск : Беларуская навука, 2007. - 622 с.



Комментариев нет:

Отправить комментарий